Пра вулічную магію

Ёсць уяўленні і нават цэлыя сістэмы перакананняў, якія вельмі падобныя да праўды, але за якімі не стаіць нічога акрамя (сама)падману, аблуды, прагі нажывы або элементарнага глупства. Што гэта? Прыкметы, загаворы, прымхі, астралогія, экстрасэнсорыка, рэлігійныя культы ды іншая непатрэбшчына масавага спажывання.


Пералік містынчных вучэнняў і практык вельмі вялікі. Акрамя містыкі ёсць яшчэ такая з'ява як псеўданавука. Часта гэта тая самая містыка, але ў белым халаце навукоўцы. Яшчэ адзін накірунак хворай але дапытлівай чалавечай фантазіі — тэорыі змоў.

Чаму мы, здавалася б, такія адукаваныя і паслядоўныя, падкія на рознага кшталту іррацыянальныя ідэі? Справа, як звычайна, у нашым мозгу: мы запраграмаваныя эвалюцыяй шукаць паслядоўнасці, або, як кажа Майкал Шэрмер, «злучаць кропкі». Пошук сувязяў між з'явамі рэальнасці — гэта аснова мыслення. Выяўленыя паслядоўнасці могуць быць слушнымі, што легла ў аснову навукі, або хібнымі, на чым грунтуюцца розныя містычныя практыкі. Апафенія — імкненне бачыць заканамернасці нават там, дзе іх няма, гэта крайняя, клінічная ступень азначанай псыхічнай опцыі.

Схільнасць да іррацыянальных тлумачэнняў рэчаіснасці называюць містычным мысленнем. Менавіта такі лад мыслення прыпісваюць нашым прашчурам на зары чалавецтва. Праблема ў тым, што наш мозг з таго часу па сутнасці не змяніўся. Ён проста не паспеў эвалюцыянаваць. Мы, людзі ХХІ стагоддзя, з'яўляемся носбітамі мозгу піцекантрапа, а значыць і ўсіх псіхічных праграм, якія дазвалялі той істоце паспяхова выжываць. Адна з умоў паспяховага выжывання — дакладны прагноз (сваіх дзеянняў, паводзінаў ворага ці проста надвор'я). Выяўленне ж праўдзівых заканамернасцяў і ёсць асновай любога прагнозу. 

 

Погляды чалавека, ад рэлігійных і палітычных да побытавых сімпатый і антыпатый, паходзяць з аднаго месца — правай лобнай долі галаўнога мозга

 

Паводле Дэніэля Канэмана, заканамернасці мозг шукае, карыстаючыся адной з дзвюх сістэм: аўтаматычнай і мэтанакіраванай. Мы або мыслім і дзейнічаем інтуітыўна — хутка і не разважаючы, або пачынаем доўга і з натугай спрабаваць разважаць. Канэман вельмі падрабязна апісаў гэтыя сістэмы, за што атрымаў Нобелеўскую прэмію.

Цяпер звернемся непасрэдна да нашых шарлатанаў. Каб унікнуць лішняга тэксту, проста паглядзі гэтае кароткае відэа «Джеймс Рэнди разносит экстрасенсов». Калі тэма зацікавіць, вось больш крунтоўнае кіно ад таго ж аўтара: «Сон разума». Дзядзька бліскуча спраўляецца са сваёй задачай, робіць гэта з задорам і гумарам, ня гледзячы на сталы ўзрост.

Калі ты па-ранейшаму задаешся пытаннем «а мо такі ў гэтым нешта ёсць?», падумай пра наступнае: згаданы спадар Джэймс у 1996 годзе заснаваў фонд, які абяцае прэмію $ 1 000 000 любому, хто прадэманструе паранармальныя здольнасці ва ўмовах карэктнага эксперыменту. Любому! Пакуль ніхто не пацвердзіў заяўленых звышнатуральных характарыстык.

Праўда, на дадзены момант фонд не прымае заяўкі, але з 2015 кожны ахвочы можа паспрабаваць сарваць куш паменей — 1 000 000 рублёў — за аналагічныя заслугі, расійскай прэміі імя Гары Гудзіні. Пакуль грошы не атрымаў ніхто.

 

Ні астралогія, якую са смехам шмат разоў абверглі, ні экстрасэнсорныя здольнасці, метады носбітаў якіх не з'яўляюцца вялікім сакрэтам і ніякія іншыя містычныя здолнасці не заслугоўваюць увагі проста таму, што экстраардынарныя сцверджанні патрабуюць экстаардынарных доказаў. Усё гэта занадта добра, каб быць праўдай.

 

Рэлігія

Гэтую тэму часта называюць спрэчнай і стараюцца абыходзіць, асабліва ў краінах, дзе за абразу пачуццяў вернікаў можна атрымаць тэрмін. Але ўсякая спрэчнасць знікае, калі сапраўды слаба акрэслены тэрмін «рэлігія» замяніць на куды больш просты і канкрэтны — «культ». У гэтым разе ў адзін шэраг лёгка становяцца ўсе: ад хрысціянства з ісламам да камічных карга-культаў і дробных сект.

Зрэшты, ставіцца да рэлігіі як да выпадковай недарэчнасці неабачліва. Гэтая з'ява суправаджае чалавецтва на працягу ўсёй хоць неяк зафіксаванай гісторыі, таму, каб зразумець, чым ёсць чалавек, трэба зразумець і прыроду гэтага неад'емнага атрыбуту чалавечага грамадства. Тут і псіхалагічная абарона ад усведамлення ўласнай смяротнасці, і функцыя сацыяльнага клею, і ўсё тая ж непераадольная прага пошуку прычын і сувязяў. А спасылка на містычныя сілы дазваляе патлумачыць усё без выключэння.

Згаданая вышэй структура культу вельмі добра прадэманстраваная ў гэтым немудрагелістым сацыяльным эксперыменце: «Свидетели Выготского: как в МГУ завербовали в секту 150 студентов и преподавателей». Паводле сведчанняў археолагаў, схема працуе ўжо цягам некалькіх дзесяткаў тысячагоддзяў.

Псеўданавука

Псеўданавуковых тэорый існуе мноства: нумаралогія, уфалогія, хвалевая генэтыка, новая храналогія часу, тэлеганія, фрэналогія, ауразнаўства, тарсіёніка, месмерызм, біяэнэргалогія... Нешта са спісу, напрыклад фрэналогія, будучы аднойчы абвергнутай, губляе папулярнасць. Нешта, як тарсіёніка або біяэнэргалогія, зноў і зноў знаходзіць сабе апосталаў. Але яднае ўсе гэтыя з'явы адно: нам дэманструюць муляж ведаў, фэйк і змушаюць у яго паверыць, узмацняючы эфект белымі халатамі, бліскучымі склянкамі ды навуковападобнай тэрміналогіяй.

Часам іншая псеўданавуковая дысцыпліна можа падацца вясёлай забавай (як нумаралогія або фізіягноміка), часам прымальным варыянтам плацэба-сродку (гамеапатыя). Але толькі да таго моманту, пакуль хібныя веды ня сталі прычынай рэальных праблем.

 

Умець вызначыць псеўданавуковасць вельмі карысны навык. Ёсць некалькі маркераў, якія добра ў гэтым дапамагаюць:
• прэтэнзія на сэнсацыю;
• безапеляцыйнасць заяў;
• прэтэнзія на панацэю;
• празмерныя абагульненні (словы: усё, усе, (на)заўсёды, ніколі, цалкам і падобныя);
•супрацьпастаўленне сябе «афіцыйнай навуцы»;
• апеляцыя да засакрэчаных таемных тэхналогій.

 

Карацей кажучы, усё, што гучыць занадта добра, каб быць праўдай, наўрадці ёй з'яўляецца.

Трэба сказаць, што барацьба з ілжэнавукай сёння стала даволі моцнай плынню, што ня можа не радаваць. Вельмі цікавыя відэа робяць некаторыя блогеры: Smash або нават Артур Шарыфаў.

Канспіралогія

Схільным да канспіралагічных тэорый трэба паспрабаваць кіраваць калектывам хаця бы з пяці чалавек.

 

Канспіралогія, або імкненне тлумачыць наяўны стан рэчаў таемным планам некалькіх зламысных асоб, усё тая ж спроба патлумачыць незразумелае проста і глабальна.

 

Канспіралогія з аднаго боку прыпісвае чалавеку неімаверную тупасць і бязвольнасць, з другога надзвычайную інтэлектуальнасць, якая дазваляе пралічыць і спраектаваць усе сацыяльныя працэсы па ўсім свеце. У той час як гэта немагчыма зрабіць нават у асобна ўзятай краіне ў самай кароткачасавай перспектыве.

У рэшце рэшт, калі гэтыя рэптылоіды, антыпрышчэпачнікі, або рэальна існуючыя ФБР, ФСБ, МІ5, МАСАД і Сведкі Іеговы такія геніяльныя сацыяльныя інжэнеры, то чаму воз і ныне там? Ды таму, што чалавек, сацыяльныя канструкцыі і жыццё ўвогуле ў значна меншай ступені прадказальныя, чым таго хацелася б. Больш за тое, усё гэта настолькі малапрадказальна, што ў некаторых выклікае прыступ панікі, у выніку чаго яны і прыдумляюць гэтыя канспіралагічныя тэорыі.

Трэба валодаць дастатковай мужнасцю, каб прызнаць сваё жыццё, якое аднойчы скончыцца, пяшчынкай у сусвеце, дзе нараджаюцца галактыкі і знікаюць зоры.

Видео

Ещё видео
Watch the video

Хомо Сапиенс

Показать ещё